Пачынаючы размову пра цмокаў нельга не прывесьці вытрымку з Статута Вялікага Княсства Літоўскага, знойдзеную колам беліцкіх дасьледчыкаў:
Tеж уставуем: зверов спракавечных стародавнiх цмоков iж нiхто не мает бiтi альбо мучiтi в неволе, як цмок той у пущех або сенажатех гуляет, або теж у болотi сiдiт, або теж прыходiт до замку поестi. А хто цковал тово цмока i шкоду ему учiнiл, або горш тово зобiвшi гэтак с корыстiю схоплены быв, то мает той платiтi сорок рублев грошей або бiтым пугою на пляцы местскiм мае быть.
Гаворачы аб цмоках нельга не ўзгадаць і пра само кола беліцкіх дасьледчыкаў, пра гэтых сьціплых людзей, што кожны год зьбіраюцца ў вандроўкі (а калі й ходзяць), не шкадуючы ані сваіх сілаў, сем'яў, грошей, ані чужых. Адзінаю мэтаю кіруюцца гэтыя самаадданыя людзі - прывесьці хоць яшчэ адзін доказ існаваньня такіх жывел як цмакі, такіх сымбалеў нашай старонцы як млыны і курганы, такога паняцьця як беларуская культура... Зразумела, што менавіта ім нашае выданьне удзячна за артыкулы накшталт гэтых:
___________________________________________________________
Цмачыны край
Цмачыная значнасьць, замацаваная ў асобным артыкуле Вялiкалiтоўскага статута надзяляе жывелу ледзь не татэмнымi рысамi, вобраз ягоны, прасякнуты поэтыкай, натхняў i натхняе не адную гурму майстроў пяра й... карабiна. Дзiўныя жывелы што прыносiлi золата-срэбра у войстрых кiпцюрох. Хапне дзе-небудзь жмянею пенязяў i зьлету сыпле на вескi, фальваркi, мястэчкi: фацэцыя суцэльная – люд зьбягаецца, галас, таўкавiска... Кажуць, адзiн шляхцiц трымаў у сваей стайнi цмока, што калiсь прыдыбаў на бровар сербануць пiва й быў там схоплены за ласаю. I раз у рок, на Каляды, выязжаў шляхцiц на тым цмоку, запрэжаным у вазок штукарскай работы, катаўся, езьдзiў да цэрькаўкi, нат навучыў жывелу падпяваць калядоўшчыкам.
З цмакамi тубыльцаў зьвязвае агульнае жыцьце-быцьце. То з хвойнiку тырчыць калматая галава, то пранясецца грувасткая хвiгура над далекiм альхоўнiкам, то па беразе рачным брыдзе цмачыная кампанiя – па рыбу. Ноччу часта палохаюць яны рэдкiх хадзьбiтаў сваiмi буйнымi абрысамi i бляскам вачэй, у якiх адбiваецца Поўня.
Адная бабулька распавядала мне, што калiсьцi чула цмачыныя сьпевы. У лесе заблукаўшы, выйшла яна на лясную прагалiну i ўбачыла крылатую сьпiну. Цмок цiхенька намагаўся напяваць вядомую ў нашых краех мэледыю, хоць натуральна, правiлы гармонii былi яму невядомыя. Але...
Зiрнi з вышынi цмачынага палету...
Знаёмы Вам
___________________________________________________________
Працягваючы ўлюбеную тэматыку, прыводзiм вытрымку з працы вядомага беларускага фалькларыста i этнографа Нiкiфароускага М.Я. (1845 - 1910) “Нечистики. Свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907”.
Міфы Бацькаўшчыны
Цмок жыве i дзейнiчае сам па сабе, яго не любяць iншыя нячысцiкi з-за яго фанабэрыстасцi. Дзякуючы прыроднай ляноце, нерухавасцi з-за таўшчынi, Цмок не заўседы адгукаецца дапамагчы на заклiк чалавека цi на заклiк iншага нячысцiка. Аднак, калi ен падступiўся да ахвяры – абавязкова дамучыць яе, папярэдне ўзважыўшы, цi варта яна яго ўвагi, парушанага спакою; калi не – Цмок пагардлiва адварочваецца, пакiдаючы яе iншым нячысцiкам.
Знешне Цмок акуратнейшы за астатнiх нячысцiкаў, любiць купацца, ходзiць у лазьню i штодзенна мыецца... Прадбачлiвая асьцярожнасьць захоўвае Цмокаў даўжэй чым усiх нячысцiкаў. Яны рэдка чапляюцца да простых вясковых людзей. На людзей сямейных Цмокi не нападаюць. Затое парушальнiкi грамадзкiх абавязкаў – першыя iх ахвяры.
“Мiфы Бацькаўшчыны”
___________________________________________________________
(Менск, Бел. энцыкляпедыя, 1994).
Каштоўны фальклёрны матар’ял падае новыя характэрныя нюансы слынных жывёлаў, якiя чамусьцi аднесеныя да заганнага ключа нячысьцiкаў i з гэтага ўзмоцненыя вялiкаю лiтарай. Аднак белiцкае кола дасьледчыкаў лiчыць гэтую акалiчнасьць памылковаю. Цмок такi ж прадстаўнiк фаўны як вядомыя нам крот, лось, сом ды iншыя, i мiфiчнага ў iм не болей за барсукова.
Цмок – Палесскія факты
Велемнога таямнiцаў ахутваюць цмачыны вобраз: чым харчуецца, як росьцiць дзетак, на каго нападае i каму сiмпатызуе, ў чым сакрэт агнамянасьцi i лёккага палёту i адкуль гэтая прыродная поэтычнасць натуры?
Пры ўсёй сваёй сярэдняй агрэсiунасьцi цмок ёсьць даволi палахлiваю жывёлiнай й упадабаў для жыцьцястану гушчары затканыя iмглою, лясныя нетры паўдзённа-ўсходняе Беларусi у мейсцах концэнтрацыi археалагiчных помнiкаў, ды палесскiя алёсы (балота зарослае лесам), дзе сярод астраўцоў гадуе сваё нешматлiкае сямейства. Але пры ўсёй сваёй мiратворнасьцi жывёла не дапусьцiць назiраньня за сабою, асаблiва ў любасны пэрыод i пагатоў тады, калi водзiць дзетак паказваючы iм родную старонку. Iснуе павер’е, што цмакi аберагаюць гарадзiшчы i курганы ад рабаваньня i гвалту, але мусiць гэта хутчэй легенда, хоць як вядома анiводная легенда не ўзьнiкла на голым мейсцы. Дык вось, раптам на голым мейсцы сустрэнецца цмаку чалавек з намерамi варожымi падступнымi i будзе ён брыдка лаяцца i бiць шклатару аб пнiскi i камянi, або яшчэ горай: страляць у бесьцiек Босскiх i крыўдзiць флёру й фаўну – умомант спапялiць гэткага п’янтоса. Бо, як у кароўцы травяная жуйка перапрацоўваецца ў малако, гэтак i цмок мае вогненую сумесь кшталту напалму, што ўтвараецца пры зьмяшэньнi такiх прыродных складнiкаў, як мухамор (альбо iншыя труйныя i неядомыя грыбы), хвошч, будзякi, ваўчыная ягада, шышкi хваi i ялiны, жывiца, блёкат ды iнш. Як лiчыць белiцкае кола дасьледчыкаў, з дапамогаю ўласнага фэрменту гэтая кашыца перапрацоўваецца (пераганяецца) ў вадкасьць, што пры ўдары зубамi ўспалымняецца (Як вядома з пэўных крынiцаў два зубы ў цмака крамянёвыя, пры удары якiх выбiваецца iскра, неабходная для ўспаленьня агнамянае вадкасьцi. (Заўвага мая, Л.,яфр.), выкiдаецца пры патрэбе на 100-120 крокаў з iдэальнай прыцэльнасьцю. Датагож пры спаленьнi яе выдзяляецца таксiчны газ, што мае спецэфiчныя наступствы: людзi часова забываюць расейскую мову й ключавыя даты з савецкае гiсторыi, жывёлы разумнеюць у дзесяць разоў.
Фiзiчныя вартасьцi цмакоў неаднакроць выкарыстоўвалiся ў палiтычных кан’юктурных патрэбах у перыяд працяглых казацкiх войнаў раптоўна паўстаўшым насельнiцтвам й казачымi аддзеламi пры аблогах замкаў i местаў. Маючы на руках урывак з “Хронiкi Рабрынкi” прыводзiм яго на старонках нашага аксамiтнага выданьня : “A яко место Чичерск боем брали под паркан с цмоками и паркан той папалили и людство служилое и мещан и шляхту нещадно цковали и мучили велми. Не маючи же супротиву жадного цмочин тых непобожно на людство напущали.”(Хронiка Рабрынкi Пачатак XVIIIст.) Такi кавалак драматычнага тэксту красамоўна сьведчыць аб цмачыным iснаваньнi, пастаўленым пад сумнёў асобнымi навукоўцамi, якiх рука не падымаецца назваць як-небудзь iнакш.
Яфрэйтар Лiфаноўскi
___________________________________________________________
Нарэшце за пяро ўзяўся яшчэ адзiн аўтар, якога ўсе лiчылi закрэсьленым сувораю праўдаю жыцьця, але, як высьветлелася канцептуальны рэмонт кватэры не перашкаджае павольнаму бегу думак.
Мілыя сэрцу Космасы...
Той з шчырых местачкоўцаў хто ўжо далучыўся датыкнуўся да правiнцыйнае астраномii, хто ўжо ведае-фiксуе зрокам мясцовыя сузор’i: Лухтамётнiка, Канцлера, Вераб’я, Партызана, той не прамiне Левую Цмачыху, бо яна ёсьць дамiнантаю ў начным навакольным небе. Згодны, марна спрачацца з тым, што сузорейкi нашыя i памерамi невялiкiя i не надта зыркiя i не такiя вядомыя, але хiба можна прамiнуць iх мiлуючыся Сiрыўсам ды Вэнэраю?
Як i сузор’е Лухтамётнiка, Левая Цмачыха ўзыходзiць у найболей спрыяльны час недзе над Якубоўкай i красуе аж да чацьвёртае ранiцы. Толькi нямногiя рыбакi-прафэсiоналы ведаюць, што ў гэтую гадзiну найлепей ловiцца сом, а як сам не ловiцца, дык дапамагае злавiць каго другога.
Яшчэ баюць, што калi Левая Цмачыха дачакаецца сонца, дык у дзень гэты сьмела можна спажываць хоць паганкi – ўсё пойдзе на карысьць, праўда людзей што эксперыментавалi з гэтым я пакуль не сустракаў. Усяго ж сузор’е складаецца з чатырнаццацi зорак, дзьве з якiх, а можа толькi адна, звышцмачыная.
Лёкка, зiрнуўшы на нашае неба разабрацца дзе поўнач: хвост Цмачыхi ўказуе проста той накiрунак, але калi ён указуе на поўдзень, а такое часта здараецца, дык, тое бясспрэчна поўдзень i ёсьць. Такiм чынам нецяжка дазнацца i надвор’я, бо калi Левую Цмачыху нябачна, то хмары засьцiлi неба, а калi валiць сьнег, дык пагатоў, як не глядзiце, Цмачыхi ня ўбачыце. Але, хоць ты сьнег, хоць ты пляга, хоць ты смог над горадам, зьзяюць ды йскрацца цмачыныя зоркi, мiлыя сэрцу Космасы па-над Бацькаўшчынай, у небе дзядоў i прадзедаў нашых. Таму трэба пакiдаць задушлiвы горад i бегчы ад убранiзацыi як Жылiн i Кастылiн.
...севіч
___________________________________________________________
Цмачыная тэма для нашага аксамітнага выданьня ці не стрыжнявая, здаўна зьнітоўвае яна розных, часам антаганістычных людзей, якія ўпэўненыя ў адным: яна ёсьць прадвесткаю новае культурнае сітуацыі, што ў будучыні ажывіць наш традыцыйна аціхлы рэгіён. Гэтак дынамічна працягваючы разгортваць тэматыку, зьмяшчаем зацемку аднаго з прадстаўнікоў беліцкага кола дасьледчыкаў, які сам не прыносіць матарыялы — прысылае сувязнога.
Няма ніякіх Цмокаў?
Пра тое і дзяды баялі і бабулькі сьпявалі ў песьнях: чэрвеньскімі вечарамі цёплымі і золкамі нерухомеюць цмакі ў гушчарах, слухаюць утрапёна, як шчоўкаюць-цьвохаюць салоўкі. Тут і чалавек можа заслухацца, ня тое што цмок. Ці не за дзівосную здольнасьць сьпеўную ўпадабаў магутны арганізам драбнюсенькую птушачку, якой за лістком ня ўгледзіш, дзе яна там?
Баюры ды й толькі. Стары Цімох сказаў, што цмок носіць птаха ў космах, дзе той віе кубельца сваё салаўінае. Але ці паверыў я ў гэтае сьведчаньне? Зацікавіўся, канешне, але й засумняваўся, бо да таго часу памёр стары Цімох на руках у брата свайго, гэтаксама Цімоха, а суседка Сьцепаніда адгаворвала мяне ад пошукаў: “Ось угледзіць цябе цмок ды як дасьць сваёй булдавешкай... Як думаеш, каму будзе горай?” Тады я толькі плячыма паціснуў, хоць зразумеў, каму, але ад свайго намыслу ані адрокся, – рушыў шарай гадзінаю на сожскія паплавы, дзе, як меркаваў, сноўдаюцца, жуючы хмельныя шышкі, насскія беларускія дыназаўры.
Але чаму дыназаўры? – гэтак запытаўся ў мяне рэдактар адной рэкламнай газэты, паказваючы свой маскоўскі акцэнт, ды толькі адмаўляцца ад прапанаванага сюжэту не выпадае, таму аб дыназаўрах гаворка адмысловая.
Ня надта разьбіраючыся ў назвах урочышчаў, блытаючы Кальнік, Глушэц, Астроўкі, я паліў зыркае вогнішча, піў крамнае віно, сьпяваў народныя і бэнээфаўскія песьні - карацей, рабіў такі гармідар, каб зьвярнуць на сябе ўсю цмачыную ўвагу. Ды дарэмна. Адно стары Карпа пад раніцу выйшаў на мае каардынаты. Ён сунуўся, бадзёра памахваючы вудою, ветэран партызанскага руху апошняй вайны.
– Няма ніякіх цмакоў! – адчаяна роў я, скалеўшы ды сьпіўшыся ўшчэнт. – Панапрыдумлялі сабе трафеяў і распавядаеце кажнаму прыбышу-турысту, а пасьля цешыцеся са свае кемлівасьці.
– Палік ты калгасны, – горасна казаў стары Карпа, хістаючы галавою, - зыйшлі яны адсюль пасьля таго, як спалілі брыгаду меліяратараў, што прыбылі спрамляць нашую рэчаньку. Натура ў іх такая - не трываюць паху палёных камбінезонаў. Калі ня верыш, за ваколіцай стаяць два бульдозеры пагарэлыя.
Гэта было праўдаю, бульдозеры сапраўды стаялі. І ні толькі гарэлыя, але й пагнутыя вялікай сілаю, а я між тым спытаў Карпу: “А сам та ты, дзеду, ці бачыў цмока?”
– От! Я, ды каб ня бачыў?! Такой жа парою спыніўся я, на лісапеце ехаўшы, каб апону падкачаць; толькі прыладзіўся, толькі ніпель адвярнуў – як завуркоча нешта ў хмызах. Як пагледзеў я на тую вуркатыню: галава – болей за кампрэсар, грыва калматая, рудая, пашчанкамі совае, як бы смокча нешта...
– Дзед, а дзед! А мо то лось быў?
– Ведаеш.... Сам ты лось.
Гэтак трохі пакрыўджаны, зьняверыўшыся, але нескароны, сеў я на арбон, каб да Гомелю даехаць; а як прыехаў, памыўся і лёг спаць.
Яфрэйтар Ліфаноўскі
___________________________________________________________
Разьмяшчаючы такія вось развагі, рэфлексіі, інстынктыўныя зацемкі, не забудземся і пра існаваньне мастацкае літаратуры, што напампоўвае цмачыны вобраз пафасам, гратэскам, сатыраю, абсурдам і гэтак далей па нарастаючай, цалкам альтруістычна, без патрабаваньня ганарараў, без пазёрства, зухвальства і фанабэрыі.
Верш, чытаны і са сцэны ў актавай залі, і ў гарадзкім асяродку, і на кухоньцы, кананічна ўспрымаўся і ўвесь гэты час пакрыёма рыхтаваўся да друку.
___________________________________________________________Распавядала бабця...
Распавядала бабця гісторыі пра цмокаў,
Іх прыкрыя ўчынкі праўдзіва выкрывала.
Хаваўся я пад коўдру і мацюкаўся ціха.
Віхуры гэтых цмокаў кружылі над фальваркам.
Мой дзед - вялікі шляхціц, трымаў цмакоў у жаху,
Сваёй турэцкай шабляй іх шаткаваў заўзята.
Але няма ўжо дзеда, а бацька ў астрозе,
За тое, што на цмоках на Сойм зьявіўся ліха.
Я ж выйшаў не ў дзеда і пагатоў ня ў бацьку.
З адукаваным цмокам я гутарыў у альтанцы.
Ён колісь лётаў у Мюнхэн, спыняўся-быў у Празе,
І вытрымкі з Сьпінозы мне цытаваў выразна.
Зьбіралі мы гэрбарый. На шаблях фэхтавалісь,
Асвойвалі майстэрства варыць з гарбузаў піва.
Мы на басэтлі гралі, складалі пастаралі,
Але так неўзабаве насунулася восень.
Зьляцеў той цмок у вырай, напэўна ў Эгіпет.
На фоне пірамідаў ён на басэтлі грае.
А я пайшоў на поўдзень па Гомельскай дарозе,
Пайшоў праведаць бацьку, які сядзеў у астрозе.
...севіч
У небе над Чарацянкай
Дзела была так: ляцеў самалет у Чарацянку, бо толькі самалёты і маглі туды прабіцца: замець сьнежная засьціла дарогу, намяла высозныя гурбы, ані чалавек не пройдзе, ані конь, ані машына. Адзін самалёт, што сядае на ірты вёз у краму хлеб, газу, карамелькі і таннае віно, ды апроч тавару на скрынях і хрусткіх пакунках сядзелі нешматлікія пасажыры: прадаўшчыца з сельмагу, трактарыста, што вяртаўся з больніцы пасьля белае гарачкі і карэспандэнт абласное “Праўды”, што меўся напісаць рэпартаж аб небывалым сьнегападзе і аб той вытрымцы з якой сяляне сустрэлі бажавольства прыроды.
Гулі-раўлі самалётавы ганіцелі, так што хіліла ў сон, у ілюмінатарах плыло густое малако воблачнасьці, гарэла кволая дзяжурная лямпачка непрыемнага колеру і нездарма людзі ў грузавым адсеку драмалі. Адзін карэспандэнт мясцовае газэты згодна сваёй прафэсіональнае дапытлівасьці шныраў па салоне, кранаў усе выступаючыя дэталі, нават пафарбаваныя чырвоным, і, ў рэшце рэшт дабраўся да летчыцкай кабіны, дзе дурыў галаву штурману выпытваючы што такое “фарсаж”. Між тым заўважана зьнізіўшыся аэраплан прабіў воблачнасьць і павіснуў над зямною цьвердьзю паўдзённа-ўсходняе часткі гомельшчыны, відавочна маючы намер зайсьці на пасадку. Пад крылом расьцілалася засьнежаная роўнядзь, напалам перамяшаная з мякінай брудна зялёных лясоў і пералескаў дзе-нідзе ажыўленая дробным россыпам вёсак – нудны тужлівы прасьцяг. У ніжні ілюмінатар было добра відаць аварожную карціну ўсей зямное мізэрнасьці і карэспандэнт утаропіўся ў шкло звыкла цокаючы языком, ды нездарма: гэтак цікуючы ў рэдкалесьсі ён углядзеў лася, і радасны, бачыўшы ласёў адно ў экспазыцыі Гомельскага краязнаўчага музэю, выхапіў фота, навёў аб’ектыў, ды пачаў шалёна шчоўкаць замыкам, у гэткі момант нагадваючы ледзь не паскуднага, падлючага, заходняга ладу “папарацы”. Невялікая вышыня і ня дужая хуткасьць палету дазвалялі канкрэтна засяродзіцца на лясным волаце і зрабіць сэрыю някепскіх здымкаў, але што за дзіва, лось знэрваваны строкатам аэраплану тузануўся раз-другі, расправіў крылы і ўзмахнуўшы імі лёгка ўзьняўся ў паветра круцячы хвастом нібы прапелерам. Дык, ці лось гэта быў скажыце вы мне? Карэспандэнт, прозьвішча якога па містычнаму супадзеньню было ці то Лосеў, ці то Баранаў, падумаў, што нешта тут не тое, але было ўжо позна. Цмок, а гэта бяз сумнёву быў менавіта ён, паволі накіроўваўся да аэраплану і выгляд меў папросту шакіруючы. Трэба было нешта рабіць. І карэспандэнт узьняў трывогу. Штурман, зірнуўшы ў ілюмінатар, тут жа прыгадаў сваю расейскую “матерь”, а пілот пералякаўшыся рэзка рульнуў набок, так, што калматая міфічная істота пранеслася ў метрах ста пяцідзесяці ад шэрага фюзэляжу. Відаць, намеры цмака мелі выключна варожы характар, бо пачаўшы з карэктных атакаў, цяпер ён адчайна спрабаваў зачапіць плоскасьць і пашкодзіць руль вышыні, а калі ён пыхнуў полымем, усё гэта пачало нагадваць паветраны бой часоў другой сусьветнай вайны, прычым цмок безумоўна выступаў у ролі “Люфтвафэ”. Экіпажу аставалася спадзявацца толькі на сваё майстэрства й вытрымку, што не раз праявілі савецкія лётчыкі ў бойках з арыстакратычнымі арыйскімі вылюдкамі і паверце, было зроблена ўсе, каб выйграць гэты двубой. Пілот стараўся зайсьці на пасадачны курс, але вось ужо трэйці раз густая касма полымя падкідвала самалёт, куляла яго ў паветры, зьніштажаючы ўсе спробы экіпажа вывесьці машыну на належную траекторыю. Здавалася, яшчэ шэраг агнямяных выпадаў і самалёт, ахоплены полымем, з жудасным віскатам выбухне дзесь за бліжэйшым лесам, але пілот рабіў немагчымае зноў і зноў, вернучы гэткія віражы, што пазайздросьцілі і Пакрышкін з Кажадубам, гледзячы на штукарства сельскай авіяцыі. Былы вайсковы лётчык, пакінуўшы службу ў паветраных сілах з празьмернае любошчы да сьпіртнога да дробязей прыгадаў свае вучнёўскія палёты і ўжо выканаў мёртвую пятлю, бочку, штопар, і яшчэ адну імправізацыйную пілатажную фігуру, выдатна ведаючы, што гэта адзіная мажлівасьць астацца жывым, калі адсутнічае ўзбраеньне. Між тым, пазбавіцца цмачынага перасьледу было ня так проста – цмок паказаў сабе ў паветры рухавым, вяртлявым незакамплексаваным арганізмам, дзейнічаў надзіва ўмела і складна, не творачы лішняга, не блытаючыся, не адстаючы. Але, як лічыць беліцкае кола дасьледчыкаў, больш дзесяці хвілінаў актыўнай дзейнасьці ў паветры зьніштажаюць цмачыныя сілы, нездарма й чарацянскае здарэньне працягвалася прыкладна такі ж час, хоць, здавалася мінулі гадзіны. Стварэньне пасьля чарговае безрэзультатнае спробы пашкодзіць хваставое апярэньне апынулася на тры корпусы ззаду і дасягнуць аддаляючагася аэраплану ўжо ня здолела, праўда паслаўшы наўздагон з’едлівы слуп рудога дыму – усё, што асталося ад зыркага полымя, ды густы россып іскраў як ад бенгальскіх агнёў.
Цмок бы праваліўся: камянем упаў долу і ля самае зямлі рэзка й мякка зпланаваў у нейкі гушчар зарыўшыся ў глыбезны сьнег. Але й самалёт, круціўшы высакародныя вэнзэля ў паветры астаўся без паліва і згубіўшы сувязь з зямлёю зьніжаўся, чапляючы фюзэляжам верхаліны маладых хвоек у нейкай невядомае мясцовасьці. Самалёт біла як ў ліхаманцы, ўсё дрыжэла і вібрыравала, тоўстае шкло пілоцкай кабіны заляпіў сьнег, вецьце, гольле... Машина, зрэзаўшы паласу рэдкалесься, вылецела ў чыстае поле і тыркнуўшыся ва ўзгорак задрала хвост з чырвонаю зоркаю і нумарам “15” зусім недалёка ад гаёчка з могілкамі. Тые, хто мог, аблегчана ўздыхнулі...
Гадзіны праз чатыры адурэлых пераляканых аклякнуўшых людзей знайшлі вайскоўцы зябраўскай авіяцыйнае базы, ўзьнятыя на пошукі зьніклага борта. Яны ня здолелі выбрацца з глыбокага сьнегу знаходзячыся ў паўшокавым стане з набітымі гузакамі і гематомамі. Астаецца здагадвацца, што перажылі цывільныя людзі ўпершыню апынуўшыся ў самалёце, калі сам пілот, што правёў чвэрць жыцьця ў паветры хвілін сорак не мог адарваць рук ад штурвала. Рызыкнем уявіць, што адбывалася ў грузавым адсеку, дзе ніхто гэтак і ня ўцяміў прычыну аварыйнасьці-катастрофы: пабітыя вінныя пляшкі, рассыпаныя макароны і хлебныя кулідкі, ўстойлівы млосны пах газы і ружовы цурок, які ліўся з адкрытае бартавое дзверы, кампотны струмень пранізьліва пахкі з незабыўным “партвейнскім” акцэнтам. Да таго часу, як з’явіліся першыя выратоўцы з медычнай дапамогаю, трактарыста, відаць ад нэрвовага перанапружаньня гэтак насёрбаўся дармавога вінішча, ацалелыя пляшкі якога сустракаліся сярод шклянога лому, што роў як марал, забіўшыся пад брэзент, дрыгаўся і сцаў проста пад сабе. Натуральна, першым жа рэйсам ён быў адпраўлены назад у суправажденьні двух вайскоўцаў і санітара ў апартаменты, якія нядаўна пакінуў, цьверда рашыўшы разводзіць трусоў і нутрыяў.
І пілот і штурман доўга і зьбіўліва тлумачылі пахмураму маёру аваіяцыі, што адбывалася і як, жвава жэстыкулявалі і нават паспрабавалі тут жа рэканструіраваць хаду нядаўняга паветранага спаборніцтва, але маёр задуменна ўтаропіўся ў адную кропку, туды, дзе дзюрыўся вінны струмень ды хістаў галавою ў тахт пілотавым словам распаляючы таго сваім песыместычным маўчаньнем. Выгляд маёр меў стомлены, як хірург пасьля апэрацыі. Прадаўшчыца выла-галасіла штосьці неяснае, відаць, аб сваім, жаночым і кожнаму паказвала накладныя, размахвала імі і прыціскала да грудзей...
Праз тыдзень карэспандэнт паклаў на стол рэдактара матар’ял напісаны пасьля творчае камандыроўкі, загалоўлены досыць арыгінальна: “Здарэньне ў паветры”. Рэдактар уважліва прачытаў тэкст, адклаў яго, запаліў цыгарэту “Космас” і папрасіў аўтара выйсьці. На наступны дзень ён ужо работаў у адьдзеле карэспандэнцыі і разьбіраў завалы лістоў і допісаў, дасланых у рэдакцыю. Ўспаміны гэтага чалавека, асобу якога мы не раскрываем па прычыне важнасьці пасады, якую ён цяпер займае паслужылі асноваю гэтага артыкула, ўзнаўляючага ўнікальнае здарэньне замоўчанае камуністымі. Беліцкае кола дасьледчыкаў, прадставіўшы сэнсацыйны матар’ял лічыць, што дадзены выпадак толькі адзін з шэрагу шматлікіх цмачыных сустрэчаў, пра якія, калі пашанцуе, можна дачуцца ў любой вёсачцы. Давайце й мы, аксамітныя Вы нашы, вандруючы па зямельцы ды шчырыя размовы меючы з тубыльцамі тых мясьцінаў, дзе ляжыць вандроўны шлях, будзьмо дазнавацца пра цмачынаю прысутнасьць, а як дазнаемся, перакажам усё на аксамітных старонках... ___________________________________________________________